РУ БЕ EN

Справаздача аб выніках правядзення мерапрыемтсваў

26.09.2022

З 19 па 23 верасня 2022 года прайшоў Тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова!”

Напярэдадні,  16 верасня, вучні VIII – ХІ класаў прынялі ўдзел у напісанні

Рэспубліканскага дыктанта, прымеркаванага да Дня народнага адзінства.

Асноўная тэма панядзелка – “Багацце беларускай мовы”. Дэвізам дня былі словы Алеся Разанава: “Кожны народ стварыў хоць бы адзін геніяльны твор, і твор гэты – мова”.

Распачаўся дзень акцыяй “Размаўляй са мной па-беларуску”. У школьнай бібліятэцы былі арганізаваны тэматычныя кніжныя выставы па пытаннях сучаснай беларускай літаратурнай мовы і выстава вучэбнай літаратуры па беларускай мове

“Сэрцам роднага слова краніся”. У школьным музеі была арганізавана выстава “Майстры слова”, прысвечаная Дануце Бічэль. Вучні V – VII класаў пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў падрыхтавалі віншавальныя паштоўкі “Пажаданні роднай мове”. Васьмікласнікі стваралі інтэрактыўнае воблака “Маё любімае слова па-беларуску”. Ганчарук Ясенія і Родзевіч Дар’я прынялі ўдзел у чэленджы “Льецца мова”

Асноўная тэма аўторка – “Родная мова ў культуры і мастацтве”. Дэвіз дня:

“Культура нацыі без культуры роднай мовы – нонсэнс, бяссэнсіца” (Ніл Гілевіч)

У гэты дзень пяцікласнікі наведалі краязнаўчы музей “Спадчына”, С.І.Шыпіца пазнаёміла з жыццём і побытам беларусаў ХІХ ст. В.С.Адалеўская і Я.В.Ясюкевіч для васьмікласнікаў правялі квэст-гульню “Фальклор, фальклор – душа народа”

“За што я люблю родную зямлю?” – тэма серады. Дэвізам дня сталі словы С.Грахоўскага: “Я нарадзіўся ў Беларусі і так, як маці, гавару”.

У гэты дзень вучні школы змаглі выказаць свае адносіны да таго месца, дзе яны нарадзіліся, да Беларусі. Некаторыя выступленні суправаджаліся малюнкамі, на якіх былі адлюстраваны вобразы-сімвалы нашай краіны, беларускія краявіды. Быў праведзены флаер-фэст “Мой родны кут, як ты мне мілы…” Старшакласнікі, вучні Х – ХІ, пад кіраўніцтвам М.У.Кумко і Н.М.Балбатун падрыхтавалі выставу лэпбукаў “Сіла народа ў адзінстве народа”

Асноўная тэма чацвярга была “Літаратура як люстэрка мовы”, а дэвіз –

“Родная мова – бестэрміновы пашпарт пісьменніка” (Янка Сіпакоў)

У гэты дзень усе настаўнікі ВМА правялі для сваіх вучняў разнастайныя цікавыя віктарыны, конкурсы, турніры, наладзілі завочныя творчыя сустрэчы з пісьменнікамі-юбілярамі, пяцікласнікі А.Р.Бегуновай прынялі ўдзел у літаратурнай гасцёўні “Францыск Скарына – чалавек-легенда”  ў абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф.Карскага і наведалі культурны цэнтр “Фестывальны”, дзе далучыліся да творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа.

“Родная мова – мова навукі” – тэма пятніцы. Дэвіз дня: “Мова – гэта ключ да дзвярэй у свет…” (В.Каваленка)

Вучні І.І.Чачоткі прэзентавалі работу даследчага характару, прысвечаную праблемам развіцця беларускай культуры, для сямікласнікаў.

Усе мерапрыемствы, якія прайшлі напрацягу тыдня, былі яркімі, запамінальнымі і давалі магчымасць праявіць вучням усе свае здольнасці. Для вучняў школы тыдзень атрымаўся цікавым, плённым і карысным

 

Фотогалерея: