РУ БЕ EN

Тыдзень Уладзіміра Караткевіча

30.11.2020

Уладзімір Караткевіч – адзін з рэдкіх і дзіўных рамантыкаў нашага прагматычнага часу, ён  быў яшчэ пры жыцці прызнаны класікам сучаснай беларускай літаратуры. Ён стаў першым беларускім пісьменнікам, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыва.

У 2020-м годзе 26 лістапада яму магло б споўніцца 90 гадоў. Але лёсам аўтару многіх хрэстаматыйных твораў было наканавана даволі кароткае зямное жыццё. Гэта, безумоўна, не азначае, што яно скончылася, бо людзі жывыя, пакуль мы іх памятаем. З гэтай нагоды з 23  па 28 лістапада ў сценах нашай школы прайшоў прадметны тыдзень, пад час якога былі арганізаваны разнастайныя конкурсы і праведзены мерапрыемствы, галоўнай мэтай якіх было набліжэнне асобы Уладзіміра Караткевіча да чытачоў, паказаць, якім ён быў чалавекам, выхоўваць у вучняў гонар, павагу, любоў да Беларусi, да сваёй нацыi.

На першым паверсе школы была арганізавана выстава “Казкі Уладзіміра Караткевіча ў малюнках”, выстаўлены лепшыя літаратурныя праекты, якія стваралі сямікласнікі. Ім неабходна было паказаць, наколькі Уладзімір Караткевіч з’яўляецца шматграннай асобай. Перад школьнікамі ён паўстаў як паэт, празаік, эсэіст, драматург, сцэнарыст і чалавек нястомнай працавітасці. А вучні 11-х класаў падрыхтавалі фотавыставу “Уладзімір Караткевіч у кіно”.

У панядзелак, 23 лістапада, тыдзень беларускай мовы адкрыўся з інтэрактыўнай гульні “Нельга забыць” у сацсетцы “Instagram”. У ёй прымалі ўдзел вучні 6 “П”, “І”, “З” і “К” класаў. Кожны дзень дзеці атрымлівалі новае заданне, якое трэба было выканаць, а вынікі размясціць ў сацсетках пад хэштэгам #быўёсцьбуду#караткевічсш40.

Першы этап – “сэлфі з кнігай Караткевіча”.

Другі этап – “Каласы пад сярпом тваім…”.

Трэці этап – “Нельга забыць…” (конкурс відэаролікаў)

Пераможцамі сталі Кушынская Яўгенія, Багдзевіч Дзмітрый, Пракопчык Вікторыя, Сячэйка Ксенія, Мезева Валерыя, Ліпская Кацярына, Арлашын Максім.

Таксама ў бібліятэцы была аформлена  кніжная выстава, якая стала выдатнай рэкламай зборнікаў для чытання.  Гэта свайго роду акцыя па прыцягненні падрастаючых чытачоў да кнігі і чытання.

Так для вучняў 5-х класаў на працягу тыдня настаўнікі правялі ўрокі-конкурсы па казках Уладзіміра Караткевіча, дзе  хлопчыкі і дзяўчынкі праз  гульню змаглі асэнсаваць прачытаны матэрыял, праявіць свае творчыя здольнасці, замацаваць раней вывучаны матэрыял, развіць лагічнае мысленне і пошукавыя здольнасці. Гульня праходзіла ў некалькі этапаў. Спачатку праверылі тэарэтычныя веды: вызначылі, якія творы называюцца казкамі, пасля ўспомнілі, пра што расказваецца ў казках “Нямоглы бацька, “Чортаў скарб”, ”Кацёл з каменьчыкамі”, высветлілі сэнс выразу: казка – у жыцці падказка. У канцы мерапрыемства каманды разгадвалі крыжаванку, у якой усе пытанні былі звязаны з казкамі таленавітага пісьменніка.

Для вучняў 6-класаў быў арганізаваны інтэлектуальны КВіЗ “Казкі. Легенды. Паданні”. Галоўная мэта мерапрыемства – знаёмства з жыццём і творчасцю Уладзіміра Караткевіча. КВіЗ праходзіў у некалькі этапаў. У першым конкурсе “Хто ён такі?” вучням неабходна было ўзгадаць біяграфію таленавітага пісьменніка. Другі этап меў назву “Каралеўства крывых люстэрак”. На гэтым этапе ўзнавілі веды пра творчасць Караткевіча. Успомнілі творы, якія вывучалі ў 5-6 класах: “Былі ў мяне мядзведзі”, “Лебядзіны скіт”, “Нямоглы бацька”, “Чортаў скарб”, “Кацёл з каменьчыкамі” і інш. “Замарочкі з бочкі” – трэці этап мерапрыемства. Пры выкананні асобных заданняў вучні праявілі кемлівасць і знаходлівасць. Добразычлівая атмасфера, цікавыя заданні, добры настрой спрыялі прадуктыўнай працы вучняў.

У рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры, які быў прысвечаны юбілею Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, 10-класнікі пазнаёміліся з дакументальнай кінастужкай “Свет Караткевіча”. Пасля прагляду стужкі вучні з цікавасцю і захапленнем выказалі свае адносіны да асобы пісьменніка і дапоўнілі яго сваімі самастойна набытымі цікавымі фактамі з біяграфіі. Для рэфлексіі выкарысталі творчыя заданні: стварыць буклет па жыцці і творчасці Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.

25 і 26 лістапада прайшоў конкурс чытальнікаў “Быў. Ёсць. Буду”, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Мэтай якога было абудзіць у вучняў цікавасць да твораў славутага паэта. Уразілі журы сваім выступленнем Радзевіч Дар’я, Жук Ксенія, Сцефановіч Меліса і Падчык Ксенія.

Па-за ўвагай не засталіся і настаўнікі школы. Для іх была арганізавана “Беларуская карчма”, дзе можна было паспрабаваць стравы, апісаныя таленавітым пісьменнікам у нарысе “Зямля пад белымі крыламі”.

Тыдзень скончыўся імпрэзай “Шляхі чалавека”, якая была падрыхтавана васьмікласнікамі і суправаджалася камп’ютарнай прэзентацыяй. Арганізатары мерапрыемства імкнуліся выклікаць цікавасць да твораў Караткевіча і самога пісьменніка. Вучні школы ўбачылі шмат рэдкіх фатаграфій і папоўнілі свае ўяўленні аб непаўторным абліччы пісьменніка зямлі беларускай.

Пасля імпрэзы адбылося ўзнагароджванне лепшых вучняў школы, якія занялі прызавыя месцы ў конкурсе чытальнікаў і алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры.

Арганізатары тыдня лічаць, што ў іх атрымалася абудзіць  цікавасць  прысутных да славутай постаці Уладзіміра Караткевіча. Любая літаратура можа ганарыцца, калі мае свайго Уладзіміра Караткевіча. Без усякага пафасу можна сказаць, што яго жыццё – гэта ўзор служэння радзіме, народу, мове. Ён — гонар і сумленне беларускай нацыі. Найвялікшая каштоўнасць усяго, што напісаў геніяльны пісьменнік, заключаецца ў тым, што яго творы выхоўваюць патрыятычныя пачуцці, вучаць лепш разумець наша мінулае і сучаснае.

Фотогалерея: